Tribuna/Футбол/Блогі/Галоўныя вусачы ў гiсторыi белфутбола: адзiн зноў узначалiў БАТЭ, iншыя запальвалі ў Еўропе

Галоўныя вусачы ў гiсторыi белфутбола: адзiн зноў узначалiў БАТЭ, iншыя запальвалі ў Еўропе

Амаль усе прайшлi мiнскае «Дынама» 1980-х.

6 студзеня, 23:59
Галоўныя вусачы ў гiсторыi белфутбола: адзiн зноў узначалiў БАТЭ, iншыя запальвалі ў Еўропе

4 студзеня БАТЭ аб'явіў, што новым галоўным трэнерам каманды стаў Ігар Крывушэнка. Як водзіцца, у навіну пра прызначэнне дадалі свежае фота трэнера ў клубнай экіпіроўцы (вышэй у цэнтры). І Крывушэнка паўстаў у звыклым выглядзе са сваім галоўным атрыбутам знешнасці – вусамі. А мы вырашылі ўзгадаць галоўных вусачоў у гісторыі белфутбола.

Ігар Крывушэнка

Крывышэнка ўжо ў 16 гадоў пачаў гуляць за дубль мінскага «Дынама», адкуль выклікаўся і ў юнацкую зборную СССР. Але да асновы клуба ў 1980-я не дарос – адправіўся ў гродзенскі «Хімік». Затым былі лідскі «Абутнiк» і расійскі мінор – а ў 1997 годзе Крывушэнка скончыў гуляць, каб пачаць трэніраваць.

Галоўных поспехаў коўч дасягнуў з БАТЭ: два чэмпіёнствы (2006, 2007), Кубак краіны (2007), выхад ў апошнi раўнд адбору ЛЧ. Неблагi адрэзак быў у Расii з «Сiбiр'ю»: у 2009-м Крывушэнка вывеў клуб у Д1, выходзіў з iм у фінал Кубка Расіі і даходзiў да раўнда плэй-оф Лігі Еўропы, дзе на шляху ўстаў «ПСВ». Таксама быў Кубак Беларусi-2016 з «Тарпеда-БелАЗ» i выйграная група дывiзiёну D Лiгi нацый са зборнай Беларусi.

З вусамі ў Крывушэнкі вельмі трывалыя стасункі – як ён сам прызнаваўся, насiў іх з таго моманту, як яны пачалі расці. Вось, напрыклад, фота маладога гульца часоў дубля мінскага «Дынама».

Было толькi адно публiчнае раставанне з вусамi – пасля першага чэмпіёнства з БАТЭ ён пагаліўся цалкам, бо абяцаў зрабіць гэта ў выпадку тытулу. Яшчэ ён ставіў свае вусы на перамогу зборнай супраць Германіі, але той матч беларуская каманда прайграла. Яшчэ заўзятары «Сібіры» прапанавалі збрыць вусы ў выпадку выходу у групу ЛЕ, але тады трэнер сваёй візітоўкай не рызыкаваў. Ды i ўвогуле ўявiць Крывушэнку без вусоў – складаная задача.

Андрэй Зыгмантовіч

Зыгмантовіч нарадзіўся ў Мінску і да трыццаці гадоў гуляў выключна за міскае «Дынама» — з ім стаў чэмпіёнам СССР і выходзіў у 1/4 Кубка чэмпіёнаў (цяпер ЛЧ). З мінскай жа каманды ён выклікаўся і ў зборную Саюза, з-за траўмы не паехаў на бронзавы ЧЕ-88, але выступіў на ЧС-90 (на ім была рэкордная за ўсю гісторыю колькасць беларусаў), дзе персанальна апекаў Марадону.

Яшчэ адзiн памятны адрэзак кар'еры Зыгмантовiча –у іспанскім «Расінгу». У сярэдзiне 1990-х з камандай El Tractor Bielorruso, як яго клікалі ў мясцовай прэсе, у першым жа сезоне выйшаў у Прімэру, правёў яшчэ два няблагія сезоны (i нават разбіраўся з «Барселонай» Кройфа і Гвардыёлы), пасля чаго скончыў гульнявую кар'еру.

З вусамі, як вы маглі заўважыць, Зыгмантовіч з даўнiх часоў, а іспанскія журналісты нават называлі вусы гульца сімвалам «Расінга» 1990-х. У трэнерскай кар'еры, якая на паўзе з 2020-га, Зыгмантовiч з атрыбутам таксама не расставаўся – нi ў клубах, нi ў зборнай Беларусi, дзе працаваў у 2012-14 гадах.

Сяргей Алейникаў

Яшчэ адзін савецкі зборнік, пачынаў сваю кар'еру ў мінскам «Дынама», з якім, як і Зыгмантовіч, стаў чэмпіёнам СССР-1982, а потым ў статусе гульца клуба стаў срэбраным прызёрам Еўра-1988 са зборнай СССР.

Пасля гэтага Алейнiкаў пайшоў на павышэннне – у турынскі «Ювентус». Са «старой сіньорай» Алейнікаў выйграў Кубак Італіі і Кубак УЕФА, але напрыканцы першага з сезона быў вымушаны сыйсці — ці то з прычыны змены трэнера, ці то з-за махінацый яго агента. А сканчваў з вялiкiм футболам гулец увогуле ў Японii.

Што да вусоў, дадзім цытату самога Алейнікава: «Усы ніколі не лічыў сваім талісманам ці чымсьці, што прыносіць удачу, але без іх ужо не магу. Яны сталі неад'емнай часткай мяне. Калісьці спрабаваў пагаліць, але жонке не спадабалася. Больш прасіла гэтага не рабіць». Вось Алейнiкаў i не робiць.

Анатолій Юрэвіч

Суворы менеджар беларускага футбола не меў гульнявой ка'еры: у 17 гадоў атрымаў цяжкую траўму і скончыў з футболам. Але ўжо ў дваццаць гадоў пачаў працаваць у адной з мінскіх ДЮСШ. Сур'ёзна ж гаварыць пра яго пачалі падчас яго працы з мозырскім МПКЦ (сучасная «Славія»). Гэта быў залаты перыяд у гісторыі палескай каманды — срэбра ў 1995-м і чэмпіёнства + Кубак краіны ў 1996-м.

Запомнiўся Юрэвiч спробай пабудаваць маладзёжны праект яшчэ ў пачатку 2000-х у СКВІЧ, срэбрам ЧБ-2007 у «Гомелi» i, канешне, сваiмi строгiмi патрабаваннямi i ў плане фiзнагрузак, i ў плане знешнасцi – гульцы ў трэнера павiнны былi насiць кароткую прычоску i заўжды быць паголенымi, у адрозненне ад вусатага коўча.

У 2010-х Юрэвiч на працягу трох гадоў будаваў праграму развіцця дзіцячага і юнацкага футбола Казахстана, дзе таксама кантраляваў працэс падрыхтоўкі маладзёжных зборных.

А потым Юрэвіч стварыўмоцную сістэму падрыхтоўкі маладых гульцоў і трэнераў у Беларусi – у «Энергетыку-БДУ». Клуб адкрыў шмат беларускiх (i узбекскiх) футбалiстаў, але ж, паводле рэжымных «органаў», у 2022-м Юрэвiч у абмен на фiнансавую дапамогу клубу пагадзiўся адмовiцца ад барацьбы за чэмпiёнства. У вынiку ў «Энергетыка-БДУ» забралi гiстарычныя срэбныя медалi, а сам Юрэвiч атрымаў пяць гадоў бана – але ж усё роўна захаваў уплыў на белфутбол праз давер з рэжымнага «мiнспорту».

Вусы ж – сапраўдная характэрная рыса Юрэвіча. Пытанняў пра іх у iнтэрв'ю мы не знайшлі – мо, ўсе так прызвычаiлiся да выгляду трэнера, што i не задавалi iх.

Юрый Пудышаў

Расiянiн па нараджэннi пачаў гульнявую кар'еру ў 1973-м у маскоўскім «Дынама», дзе адразу заваяваў бронзу чэмпіянату СССР і ўзнагароду найлепшаму дэбютанту сезона. А ў 1976-м гулец перайшоў у галоўны клуб у сваёй кар'еры – мінскае «Дынама».

З мінчанамі ён перамог у чэмпіянаце СССР-1982, браў бронзавыя медалі у 83-м і няблага пыліў у еўракубках. Агулам у чэмпіянатах Савецкага Саюза за мінскую каманду Пудышаў правёў 262 матчы і забіў 23 галы, дастаткова, каб лічыць яго сапраўднай легендай клуба і ўсяго беларускага футбола.

Гульнявая кар'ера паступова перацякла ў трэнерскую – Пудышаў пазнаёмiўся з цёзкай Пунтусам i шмат гадоў прапрацаваў яго памочнiкам. А ў 2010-м не ў першы раз угаварыў «начальнiка» выпусiць на поле – у матчы ЧБ брэсцкага «Дынама» супраць БАТЭ, ва ўзросце 56 гадоў! Вось тут невялічкі рэтрасюжэт пра гэта – Пудышаў i гульнёй весялiў публiку, а ўжо пасляматчавы каментарый проста «дабiў» сiтуацыю.

Слаўны быў Пудышаў сваiмi загуламi, прыдумваннем мянушак для партнёраў, тоннай неверагодных гiсторый (пра амерыканскіх прастытутак, пра стрыптыз у «тройке», пра памятнiк Гарыбальдзi – чаго толькi не было) i, канешне, вусамi. Хаця мы знайшлі фота, дзе яшчэ гулец Пудышаў паголены.

Але ж гэта адзiнкавы выпадак. Менавiта вусатым Пудышаў, якi памёр у 2021-м, увайшоў у гiсторыю белфутбола.

Бонус

Часам вусы – гэта i дапамога для гульнi. Вось у 2016-м у Яўгена Елязаранкi не вельмi атрымлiвалася ў «Шахцёры», але ж ён адрасцiў вусы – i пачаў забiваць!

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты