Tribuna/Гандбол/Блогі/БГК упарта замiнаў вельмi габарытны брамнік Магiлёва – важыў 130 кг, вымушана зарабляў на мыйцы

БГК упарта замiнаў вельмi габарытны брамнік Магiлёва – важыў 130 кг, вымушана зарабляў на мыйцы

Ветэран, якi не любiць трэнажорку.

Аўтар — Pam-pam
6 сакавіка, 06:00
БГК упарта замiнаў вельмi габарытны брамнік Магiлёва – важыў 130 кг, вымушана зарабляў на мыйцы

4 сакавiка магiлёўскi «Машэка» завяршыў сваё выступленне ў плэй-оф SEHА-Лігі – расійскага турнiру пад патранажам тамтэйшага газавага гiганта «Газпрама». Магіляўчане прапусцілі ў «фінал чатырох» БГК «Мяшкоў», якi прымусiў супернiкаў двойчы перапiсаць антырэкорд турнірнага дывізіёна «Усход». 28 кастрычніка 2023-га «Гомель» закiнуў у браму «Зенiта» толькi 21 мяч – але 26 лютага «Машэка» дома прайграў брастчанам 20:34, а на выездзе ўвогуле ўляцеў 18:35.

А вось рэкорда па закiнутых мячах «Мяшкоў» не дасягнуў. Галоўнай перашкодай стаў 34-гадовы брамнiк «Машэкi» Вадзiм Котаў. Асаблiва ў першым матчы, дзе стаў найлепшым гульцом сваёй каманды i атрымаў традыцыйны для лiгi бытавы прыбор.

Таксама звярнулi ўвагу на габарыты Котава? Але ж брамнiку яны не перашкаджаюць выдаваць перформансы. У першым матчы 1/4 Котаў засэйвiў 12 кiдкоў ад гульцоў гегемона белгандбола – часам вельмi прыгожа.

На сайце «Машэкі» пазначана, што Котаў пры росце 188 сантыметраў важыць 103 кілаграмы. Як успамінаў сам гулец пару гадоў таму, у момант прыходу ў магілёўскі клуб ён цягнуў на ўсе 130 кг. У мінулым брамнік адзначаў, што лішняя вага – заўсёды дрэнна, але сам ён сябе адчувае камфортна ў сваім целе. Яго Котаў лiчыць справай спадчыннасцi. Хоць i непрафесiйна, але яго бацька займаўся барацьбой, а маці штурхала ядро.

Сямʼя Котавых нейкі час жыла ў Гомельскай вобласці, а потым перабралася ў Мінск. Тут хлопец пайшоў у футбольную секцыю, дзе яго, як часта бывае, з-за габарытаў адправiлi ў браму. Паралельна з той секцыяй трэніраваліся і гандбалісты, чый трэнер Мікалай Кароткі аднойчы прапанаваў камбiнаваны спарынг. У гандбольнай частцы Котаву, па яго ўспамiнах, «удалося нешта адбіць», пасля чаго яго запрасiлi змянiць вiд – i хлопец з дазволу бацькоў пагадзiўся.

Гандбаліст кажа, што жаданне пагуляць у «поле» ў яго таксама было, але калі яго выпускалі, то атрымлівалася не вельмі. Хоць, як успамінае сам гулец, у яго карʼеры бывалі моманты, калі ён перахапляў мяч і сам бег у контратаку забіваць, таму што, маўляў, «для кожнага брамнiка гэта вельмі прыемна».

Котаў таксама прызнаваўся, што не вялікі фанат трэнажорнай залы – у ёй займаецца «так, на нейтралачцы».

У 2016-м годзе пасля сыходу з ГК імя Левіна брамнiк не здолеў знайсці сабе клуб і ўжо падумваў скончыць карʼеру, але ў выніку працягнуў у аматарскім «Віцязе». Зарабляць жа прыйшлося паралельна iншым шляхам. Хлопец уладкаваўся на прамысловай мыйцы сваiх знаёмых плюс дапамагаў сябрам на будоўлі. Гэта працягвалася амаль год i прыносiла прыкладна 400 долараў у месяц.

«Калі былі замовы – займаліся мыйкай. Не было – знаходзіліся на будоўлі. Адна брыгада. Праца нялёгкая – i ў холад, i ў дождж. Не пажадаю нікому. Складаней за ўсё, мабыць, было тынкаваць сцены – больш за пяцьсот «квадратаў», – успамінаў гулец.

Зрэшты, выступаючы за «Віцязь», Котаў прыцягнуў увагу «Машэкі», з якім у выніку падпісаў кантракт (казалi, што сыходзiў не вельмi прыгожа). З тых часоў кiпер гуляе ў Магiлёве ды зарабляе гандболам. У вольны час Котаў захапляецца рыбалкай – аднойчы яму ўдалося злавіць 6-кілаграмовага шчупака на спінінг.

А яшчэ праводзіць шмат часу з сямʼёй – жонкай Таццянай і дачкой Дыянай. Дарэчы, гульнявы нумар 95 брамнiк абраў у гонар года нараджэння сваёй жонкі.

Што да памераў спарстмена, то для гандбольнага галкіпера вага не самае галоўнае, куды важнейшыя рэакцыя і рухомасць. У 2016-м годзе на Алімпіядзе ў Рыа атрымала вядомасць брамнiца зборнай Анголы Тэрэза Алмейда, якая пры росце 170 см набрала амаль 100 кг. Яна не рабіла лішніх рухаў, не бегала па кутах, але пісьменна закрывала вольную прастору – i разам з камандай ёй удалося прабіцца ў чвэрцьфінал Гульняў.

Для Котава ж цяперашняе прызнанне – зусiм не першае. Напрыклад, у снежні 2023-га яго назвалi найлепшым брамнiкам усяго 8-га тура SEHA-лігі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты