Tribuna/Хакей/Блогі/У Оршы з'явіўся мурал з Салеем насупраць арэны мясцовай каманды, якая пляцецца ў канцы табліцы Экстралігі

У Оршы з'явіўся мурал з Салеем насупраць арэны мясцовай каманды, якая пляцецца ў канцы табліцы Экстралігі

Ці натхніць легенда белхакея «Лакаматыў»?

28 лістапада, 15:25
У Оршы з'явіўся мурал з Салеем насупраць арэны мясцовай каманды, якая пляцецца ў канцы табліцы Экстралігі

У апошні месяц імя легендарнага беларускага хакеіста Руслана Салея, які трагічна загінуў у авіякатастрофе, часта з'яўлялася ў беларускіх медыях. Спачатку телеграм-канал «О, спорт! Ты – мир!» даведаўся, чым сёння займаецца сям'я экс-капітана зборнай Беларусі:

Пасля «Зеркало» выпусціла вялікае інтэрв'ю з Бетан Салей – удавой Руслана.

А ў аўторак у інтэрнэце з'явілася відэа з Оршы, дзе на сцяне аднаго з дамоў намалявалі мурал у гонар легендарнага абаронцы.

Манументальная выява знаходзіцца на доме, які размешчаны насупраць мясцовай лядовай арэны, дзе свае дамашнія матчы праводзіць «Лакаматыў».

Можна меркаваць, што мурал з самым вядомым беларускім хакеістам створаны з мэтай натхніць «чыгуначнікаў» на лепшыя вынікі, бо ў гэтым сезоне справы ў «Лакаматыва» ідуць не вельмі. Пасля нядрэннага старту (7 перамог у 9 матчах) каманда патрапіла ў піке і змагла дабіцца ўсяго трох вікторый у 19 наступных сустрэчах. Як вынік – «Лакаматыў» займае 9-е месца з 12 у рэгулярным чэмпіянаце Беларусі і рызыкуе праляцець міма плей-оф Экстралігі.

Хто ведае, можа, выява Руслана Салея на падыходах да лядовага палаца зможа настроіць хакеістаў «Лакаматыва» на лепшыя вынікі?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты