Tribuna/Футбол/Блогі/У камісіі трэнераў правярае экс-памочнік Юрэвіча: разам працавалі ва Украіне, у Чачні атрымаў званне ад Кадырава

У камісіі трэнераў правярае экс-памочнік Юрэвіча: разам працавалі ва Украіне, у Чачні атрымаў званне ад Кадырава

А яшчэ працаваў з Гулітам.

3 сакавіка, 08:11
У камісіі трэнераў правярае экс-памочнік Юрэвіча: разам працавалі ва Украіне, у Чачні атрымаў званне ад Кадырава

На пачатку года АБФФ «парадавала» новаўвядзеннем трэнераў вышэйшай і першай ліг. Цяпер спецыялістам трэба абараняць гадавыя планы развіцця каманд перад спецыяльнай камісіяй. Гэтую абавязалаўку прыдумаў Анатоль Юрэвіч, які атрымаў пяцігадовую дыскваліфікацыю за футбольныя махінацыі, але застаецца дарадцам так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука. Асаблівага энтузіязму новаўвядзенне ў трэнераў не выклікала, але каму цікавае іх меркаванне?

Адна з такіх «абарон» адбылася 15 студзеня. На ёй свае напрацоўкі прад'явілі Дзмітрый Камароўскі з «Іслачы», Станіслаў Сувораў з «Шахцёра», Ігар Слесарчук са «Смаргоні» і Арцём Чалядзінскі з «Мінска». Даклады трэнераў заслухалі сем чалавек, сярод якіх былі як вядомыя ў беларускім футболе асобы, так і не вельмі.

У склад камісіі сярод іншых увайшоў Уладзімір Кавалёў – намеснік Дзмітрыя Касянка ў тэхнічным дэпартаменце АБФФ. Прычым Кавалёў адказвае менавіта за адукацыю трэнераў. Сам ён мае трэнерскую катэгорыю «А» – другую ў іерархіі УЕФА пасля Pro – і пасаду інструктара па трэнерскай адукацыі на катэгорыі «В» і «А».

Кавалёву ў траўні споўніцца 70 гадоў. У 1979-м ён з адзнакай скончыў цяперашнi БДУФК і адразу стаў працаваць на кафедры футбола і хакея, дзе затрымаўся надоўга – да 1998 года. А ў 2000-м прыйшоў у чэмпіянат Беларусі – стаў трэнерам па навукова-метадычнай працы ў штабе Анатоля Юрэвіча: спачатку з ім працаваў у «Тарпеда-МАЗ», у 2001-м сышоў у сталічны «Лакаматыў». Там Юрэвіч будаваў моладзевы праект за гады да «Энергетыка-БДУ» і яшчэ тады ладзіў «каламутныя» схемы.

У 2004-м Юрэвіч з’ехаў ва ўкраінскі «Металург» з Запарожжа (на сёння той рэгіён часткова захоплены расіянамі), – і зноў узяў з сабой Кавалёва, які стаў ужо кіраўніком навуковай групы. Праз паўгода Юрэвіч вярнуўся ў Беларусь, а вось Кавалёў застаўся і працаваў у «Металургу» пры розных коўчах да 2008-га. Працу метадыста хваліў член трэнерскага штаба клуба Юрый Вернідуб, які праз гады прыедзе ў Салігорск. У 2008-м украінскі трэнер Вячаслаў Грозны, які перасекся з Кавалёвым у «Металургу», паклікаў спецыяліста ў грозненскі «Церак» (цяпер «Ахмат») з расійскай Чачні. Апекуном клуба з'яўляецца верхавод рэжыму ў рэжыме Рамзан Кадыраў.

У чачэнскім клубе Кавалёў кіраваў навуковай групай ажно да 2019-га – папрацаваў з 11 галоўнымі трэнерамі (і яшчэ двума, якія выконвалі абавязкі). Сярод іх – Байдачны, Алег Конанаў, з якім працавалі яшчэ пры Юрэвічы, і чэмпіён Еўропы-1988 нідэрландзец Рууд Гуліт. А ў 2017-м на сустрэчы Кадырава з калектывам «Ахмата» было абвешчана, што галоўны аналітык клуба атрымаў званне «Заслужаны работнік фізічнай культуры Чачэнскай Рэспублікі».

У 2020-м Кавалёў вярнуўся выкладаць у БДУФК і там разам з Касянком выкладае аднолькавую дысцыпліну – «Тэорыя і методыка спартыўнай падрыхтоўкі ў абраным відзе спорта» для футбольных трэнераў . З 2021-га Кавалёў згадваецца як намеснік Касянка ў тэхцэнтры АБФФ.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты