Tribuna/Футбол/Блогі/Пасля пошукаў у «міноры» Iспаніі ды Бельгіі Алос прыгледзеў падлетка ў Польшчы, хаця там ёсць і больш паспяховыя беларусы (і гэта не Шкурын)

Пасля пошукаў у «міноры» Iспаніі ды Бельгіі Алос прыгледзеў падлетка ў Польшчы, хаця там ёсць і больш паспяховыя беларусы (і гэта не Шкурын)

Ну вельмі далёкая перспектыва.

16 сакавіка, 11:00
1
Пасля пошукаў у «міноры» Iспаніі ды Бельгіі Алос прыгледзеў падлетка ў Польшчы, хаця там ёсць і больш паспяховыя беларусы (і гэта не Шкурын)

Неўзабаве зборная Беларусі згуляе два таварыскія паядынкі: 21 сакавіка – з Чарнагорыяй у Турцыi, а 26-га – з Мальтай на яе стадыёне. I гэта рэдкi за апошнiя гады выпадак, калi спарынгi адбудуцца з супернiкамi з Еўропы.

Са складам на гульні iспанскi трэнер зборнай Беларусi Карлас Алос вызначыўся яшчэ на пачатку месяца – пры гэтым намстаршынi АБФФ Андрэй Васiлевiч заявiў, што ў яго ёсць пытаннi да спісу выкліканых, якiя ён абмяркоўвае непасрэдна з коўчам. Невядома, што не задаволiла функцыянера, якi сам нават на ўзроўнi ЧБ нiколi не трэнiраваў, але Алос умее зрабiць нечаканы выбар. Напрыклад, цяпер у зборную запрошаны 19-гадовы Максім Кірэеў, якi нават не асноўны гулец у «Льерсе», якi змагаецца за выжыванне ў Д2 Бельгіі.

На вераснёўскія матчы кваліфікацыі да Еўра Алос выклікаў Леанарда Маскара-Капілевіча з другой каманды «Севільі», але на поле абаронца так і не выйшаў.

Падобна, Алосу спадабалася шукаць гульцоў з беларускiмi каранямi ў iншых краiнах. А яшчэ трэнер, здаецца, ужо пачаў выконваць нядаўна агучаную кiраўнiком АБФФ Мiкалаем Шарснёвым асабiстую задачу – «выбудаваць сістэму падрыхтоўкі па адзінай канцэпцыі ўсіх узростаў ад 15 гадоў». Iнакш цяжка патлумачыць iнтарэс на вельмi далёкую перспектыву, пра якi iспанец расказаў у свежым інтэрв’ю.

Мы ў асноўным сочым за футбалістамі малодшымі за 20 гадоў, у якіх ёсць добрая магчымасць для росту. Напрыклад, вядзём вінгера з варшаўскай «Легіі». Ужо папрасіў тэхнічнага дырэктара [АБФФ] наладжваць кантакт. Мы будзем за iм сачыць, – сказаў Алос.

Паводле інфармацыі партала Betnews, гулец, пра якога сказаў іспанскі спецыяліст, далёка не з першага складу польскага гранда. Гаворка пра 16-гадовага Эрыка Мікановіча, якi выступае за каманду U-17. Яна пасля 19 тураў узначальвае ўсходнюю групу цэнтральнай юніёрскай лігі Польшчы, а на рахунку Мікановіча 4 галы. У структуру «Легіі» гулец перайшоў летам мінулага года з невялiкага клуба «Язэфовія».

Пры гэтым у Польшчы ёсць маладыя беларусы, якія ўжо дасягнулi большага. Напрыклад, 18-гадовы паўабаронца Глеб Кучко, якi перайшоў у сістэму плоцкай «Віслы» летам 2022-га. Цяпер яго каманда выступае ў Д2, і з зімы ён пачаў трэніравацца з асновай. У вясновай частцы сезона ўжо двойчы трапляў у заяўку каманды, але пакуль не дэбютаваў.

17-гадовы Максім Конанаў так добра праявіў сябе ў складзе варшаўскай «Дэльты» ў Д6 (8 галоў за 12 матчаў), што прыцягнуў увагу «Ягелоніі», з якой падпісаў кантракт да канца чэрвеня 2026-га. Конанаў пайшоў адразу ў каманду U-19, якая iдзе на дзявятым месцы ў элiтнай польскай юнiёрскай лiзе, ды ўжо ў другiм матчы вызначыўся першым голам.

Акрамя таго, на пазiцыi Мiкановiча ў зборай усё ў поўным парадку. З цяперашняга ростэра на флангу могуць згуляць Дзмітрый Анцілеўскі, Арцём Шуманскі, Ілля Чарняк, Ягор Карпіцкі і Уладзіслаў Малькевіч. А ёсць яшчэ траўміраваны Арцём Канцавы, Іван Бахар і Раман Юзапчук, якія дамовіліся не прыязджаць на сакавіцкі збор, i Юрый Кавалёў, які зусім нядаўна паскардзіўся на нявыклiк.

Значна больш праблемнай бачыцца лiнiя атакi. Цяпер у складзе чатыры форварды: Ілля Чарняк, Ягор Карпіцкі, Уладзіслаў Марозаў і Дзяніс Лапцеў. Чарняк з верасня 2022-га забіваў толькі раз – за казахстанскi «Каспій» у верасні 2023-га. Карпіцкі пасля лета перастаў гуляць за «Крылы Саветаў» у РПЛ – чатыры выхады на полi пасля 80-й хвiлiны ды 10 матчаў на лаўцы. Марозаў пасля пераходу ў партугальскую «Ароку» першыя два матчы быў у запасе, а затым зусім перастаў трапляць у заяўку.

32-гадовы Лапцеў прыняў удзел ва ўсіх матчах «Тарпеда-Белаз» у гэтым сезоне (у двух выйшаў у старце, у адным – на замену), але выніковымі дзеяннямі пакуль не вызначыўся. Пра яго статыстыку ў зборнай ужо жартавалася шмат разоў – адзіны гол у 31-м матчы (цяпер iх на рахунку форварда 32).

Альтэрнатыў у Алоса няшмат. Ілля Шкурын, які феерыць за «Сталь» у той жа Польшчы, выразна адмовiўся гуляць за зборную пры Лукашэнку. У экстракласе менш рэзультатыўна (чатыры мячы ў сезоне), але стабільна гуляе 31-гадовы Яўген Шыкаўка. У Алоса нават запыталicя, чаму ён не выклікае форварда «Кароны», але iспанец сказаў, што «сочыць за кожным, галоўнае, каб ва ўсіх хлопцаў, хто цяпер не трапіў у каманду, захавалася жаданне прыязджаць у зборную».

А калi Алосу проста хочацца знайсцi пабольш маладых футбалiстаў у нечаканых лiгах, падказваем – у другой камандзе «Каламбус Кру» з МЛС гуляе i дапамагае дасягаць вынiкаў 17-гадовы Станiслаў Лапкес. Месяц таму яго бацька, прызёр ЧС па фехтаваннi Дзмiтрый Лапкес, казаў, што, нягледзячы на поспехi сына i наяўнасць у яго белпашпарту, з АБФФ чамусьцi нiхто не «наладжвае кантакты» – а так можна дачакацца, што брамнiк пойдзе ў сiстэму зборных ЗША.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты