Tribuna/Іншыя/Блогі/Virus Spartovy/Ахвярай скандалу на «Міс Беларусі-2023» стала фізручка. Без персанажаў з белспорту не абышлося
Фота

Ахвярай скандалу на «Міс Беларусі-2023» стала фізручка. Без персанажаў з белспорту не абышлося

Справа дайшла да амаль што «экстрэмісцкай» петыцыі, але ёсць нюанс.

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Alex Zagorski
11 верасня, 11:00
Ахвярай скандалу на «Міс Беларусі-2023» стала фізручка. Без персанажаў з белспорту не абышлося

Кожныя два гады на Беларусі ладзяць конкурс прыгажосці «Міс Беларусь», і для чалавека, які так бы мовіць ў курсе павесткі, не будзе навіной палітычная падаплёка мерапрыемства. Яшчэ ў 2020 годзе расійскае выданне «Праект» сумесна з «Белсатам» апублікавалі расследаванне пра тое, як удзельніцы конкурсу становяцца супрацоўніцамі пратаколу дыктатара Лукашэнкі – інакш кажучы, дзяўчыны як мінімум суправаджаюць самаабвешчанага кіраўніка Беларусі на публічных мерапрыемствах кшталту збору ўраджаю кавуноў, а некаторыя з іх нават трапляюць у палітыку, як пераможца «Міс Беларусь-2019» Марыя Васілевіч (пра іншыя абавязкі службы пратакола можна толькі здагадвацца):

Што ўжо казаць, калі канкурсантак апранаюць у мерч дыктатара – пра гэта «Трыбуна» пісала, калі аглядала сацсеткі чырлідаршы мінскага «Дынама», якая ўдзельнічала ў фаворскім адборы.

Калі нехта не ведаў такіх дэталяў, то недарэчнасць выпраўленая, і можна пераходзіць да скандалу на «Міс Беларусь» гэтага году. Вяртаемся ў 8 верасня. Лакацыя: мінскі Палац спорту. За карону галоўнай прыгажуні краіны змагаліся 24 фіналісткі, да якіх былі наступныя патрабаванні: узрост – не больш за 24 гады, адсутнасць мужа і ўвогуле факта замужжа, адсутнасць дзяцей, адсутнасць пірсінгу і татуіровак (гэты пункт трэба зафіксаваць у памяці асабліва), рост – не менш за 174 сантыметры. У выніку пераможцай стала Элеанора Качалоўская з Мінска. На сцэну яна выходзіла пад апладысменты дыктатара:

Дзяўчыне 23 гады. У рэв'ю да конкурсу пазначана, што яна з'яўляецца менеджарам «Нацыянальнай школы прыгажосці». Адзначым, што прадстаўніца гэтай структуры перамагае ў конкурсе другі раз запар – у 2021-м карону атрымала Дар'я Ганчарэвіч з гэтай жа ўстановы. Цалкам магчыма, тое зусім не выпадкова: у кастрычніку таго ж 2021-га «Нацыянальную школу прыгажосці» ўзначаліла на той момант 22-гадовая Бажэна Ярэміч, якую Reform.by называе фаварыткай Лукашэнкі. За сем месяцаў да прызначэння на кіраўнічую пасаду Ярэміч засвяцілася на шабашы пад назвай Усебеларускі народны сход – сядзела ў прэзідыуме проста за спіной Лукашэнкі, побач з Міхаілам Мясніковічам:

Такім чынам, другі раз запар перамогу ў «Міс Беларусь» атрымала дзяўчына са структуры, якой кіруе лукашэнкаўская фаварытка. Магчыма, камусьці гэта падалося б прыцягненнем за вушы, калі б не адна важная дэталь: «Міс Беларусь-2023» Качалоўская ўвогуле не мела права ўдзельнічаць у конкурсе, бо не адпавядае ягоным патрабаванням – дзяўчына мае татуіроўкі, якія падчас спаборніцтва «зніклі» з цела (цуды касметыкі і падбору адзення):

Але гэта не ўсе дзівосы. Тыя, хто сачыў за «Міс Беларусі-2023», звярнулі ўвагу, што падчас галасавання за прыз сімпатый гледачоў, дзе ў выніку перамагла 23-гадовая Марта Мірэйка, у адной з канкурсантак кудысьці «зніклі» некалькі тысяч галасоў. Гаворка ідзе пра 22-гадовую настаўніцу фізкультуры з Магілёва Крысціну Іванову:

На знікненне галасоў звярнулі ўвагу ў сацыяльных сетках:

А якім бокам гэта да спорту? Тым, што адна з удзельніц - настаўніца фізічнай культуры? Не толькі.

У журы конкурсу сядзелі персанажы з беларускага спорту: пілот і капітан каманды «МАЗ-Спортаўта» Сяргей Вязовіч (увогуле быў старшынёй журы) і экс-кіраўнік Федэрацыі хакея Дзмітрый Баскаў (шараговы сябар), які мае дачыненне да забойства мінчука Рамана Бандарэнкі 12 лістапада 2020 года. Для іх дакладна не было б складана абраць патрэбную пераможцу або заплюшчыць вочы на парушэнні.

Абурэнне гледачоў ажно прывяло да стварэння цэлай петыцыі на сайце petitions.by. Яе ананімныя аўтары звярнулі ўвагу на тое, што пераможцай стала супрацоўніца «Нацыянальнай школы прыгажосці», што «выклікае сумневы ў сумленнасці і бесстароннасці працэсу адбору і арганізацыі конкурсу» (ніколі ж такога не было!), на тое, што знешнасць пераможцы парушае правілы конкурсу і што некалькі тысяч галасоў знікла ў настаўніцы фізкультуры Крысціны Івановай. Таксама ў тэксце петыцыі звярнуліся да лукашэнкаўскай Генпракуратуры з заклікам «правесці незалежную праверку ў дачыненні да арганізатараў і журы конкурсу на прадмет парушэння законаў Рэспублікі Беларусь». Лукашыстам Баскаву і Вязовічу трэба баяцца?

Але ёсць ва ўсім гэтым адзін нюанс: сайт petitions.by быў заблакаваны Мінінформам рэжыму Лукашэнкі яшчэ ў 2021 годзе, бо там публікаваліся петыціі наконт грамадска-палітычных праблем, напрыклад, у тым жа 2021-м 100 тыяч. чалавек падпісаліся супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга «экстрэмісцкім». Цяпер сайт petitions.by ў Беларусі магчыма адчыніць толькі праз VPN. Таму так званая Генпракуратура можа рабіць выгляд, што нічога такога і няма.

Іншыя пасты блога

Усе пасты