Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/Virus Spartovy/Кудзін прайграў «прынцыповы» бой за тытул чэмпіёна – абяцаў суперніку самы цяжкі паядынак у жыцці, але нешта пайшло не так
Відэа

Кудзін прайграў «прынцыповы» бой за тытул чэмпіёна – абяцаў суперніку самы цяжкі паядынак у жыцці, але нешта пайшло не так

Беларусу моцна прыляцела.

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Alex Zagorski
6 кастрычніка, 13:42
Кудзін прайграў «прынцыповы» бой за тытул чэмпіёна – абяцаў суперніку самы цяжкі паядынак у жыцці, але нешта пайшло не так

4 кастрычніка беларускі баец ММА Аляксей Кудзін правёў паядынак за тытул часовага чэмпіёна ў суперцяжкай вазе расійскага прамоўшана Hardcore Boxing супраць расіяніна Хадыса Ібрагімава. Супрацьстаянне мела адбыцца раней, але ўлетку Кудзін перанёс аперацыі на двух локцях – як распавядала жонка байца, прычынай праблем стала няправільнае харчаванне ў калоніі. Нагадаем, што Кудзін з'яўляецца былым палітвязнем: за кратамі правёў амаль два гады, на волю выйшаў напрыканцы 2022-га года.

Беларус называў паядынак з Ібрагімавым прынцыповым.

Бой праходзіў па правілах бокса, чатыры раўнды па тры хвіліны кожны. У промавідэа да бою беларус выказваў упэўненасць у сваіх сілах:

– З Хадысам у нас супрацьстаянне пачалося дзесьці ў красавіку. Ён напорысты, нахабны, вельмі духавіты хлопец. Трэба быць вельмі асцярожным, не ведаеш, адкуль выляціць караўка. Да гэтага бою я гатовы, ён будзе біцца, а я буду баксаваць – гэта дзве розныя рэчы. Я перагуляю яго на класе. Упэўнены ў сваёй перамозе, а ўпэўненасць ужо палова перамогі. Я хутчэйшы за Хадзіса, больш цягавіты і фізічна моцны ў стойцы, у мяне больш вопыта, – казаў Кудзін.

Распавёў беларус і пра мэты выступу на прамоўшэне:

– Я сабе ўжо ўсё даказаў. Цяпер трэба зарабіць грошай для сям'і і ўзяць пояс ці некалькі паясоў. Ёсць сілы, ёсць амбіцыі, чаму не?

Напрыканцы Аляксей паабяцаў апаненту «самы цяжкі і самы небяспечны бой» у жыцці.

Заўвага: усе фота ніжэй – клікабельныя.

Упэўненасці беларускаму байцу стоадсоткава дадала перамога ў «мінутцы» (хвілінны бой супернікаў дзеля прома паядынку), што адбылася ў красавіку. Тады Кудзін атрымаў перамогу над Ібрагімавым накдаўнам.

Але тытульны бой відавочна прайшоў не па плане Кудзіна – ужо ў першым раўндзе Ібрагімаў давёў справу да крыві:

Расіянін меў перавагу і ў наступных двух раўндах:

У апошнім раўндзе Кудзін здолеў перахапіць ініцыятыву – беларус адваяваў цэнтр рынгу і актыўна працаваў па корпусе і галаве апанента:

Але пераможны ўдар правесці не атрымалася. Па выніку чатырох троххвілінак адзінагалосным рашэннем суддзяў перамога сышла да Хадзіса Ібрагімава – цяпер ён часовы чэмпіён прамоўшана ў суперцяжкай вазе.

Пасля бою ў сваім Instagram Кудзін прызнаў перавагу Ібрагімава:

– Дзякуй усім за падтрымку, хто заўзеў. Як ёсць, так ёсць. Хадзіс прыгажун, выйшаў другім нумарам, сабраўся на гэты бой. Я дзесьці ў момантах недапрацаваў. Прызнаю свае памылкі, дзесьці тактычна недапрацаваў, фізічна адчуваў сябе добра. Высновы зробленыя, будзем трэнавацца, працаваць далей. У наступны раз выйдзем мацнейшымі, я яшчэ скажу сваё слова, – сказаў Кудзін.

Іншыя пасты блога

Усе пасты